Антось Уласенка

Пишу фэнтези, фантастику, нереалистичную прозу. Публикуюсь в периодике — «Дзеяслоў», «Літаратурная Беларусь», «Гипертекст», «Уральский следопыт». Также занимаюсь литературным переводом, музыкальной журналистикой и написанием модулей для настольных ролевых игр. Представленный рассказ исследует проблемы национальной и территориальной идентичности на примере утраты Вильнюса как непережитой травмы беларусского народа. А форма подсказана творческими исканиями Филипа Дика и Роджера Желязны.

I write sci-fi and fantasy and anything that goes under the title of weird fiction or unrealistic prose. I also do in-game writing for tabletop RPGs, which is another passion of mine, as well as music journalism and literary translation. The present short story deals with the issues of national and territorial identity in the context of Vilnius being an ongoing trauma for Belarusian people. The mode of the story is suggested by creative search of the likes of Roger Zelazny and Philip Dick.

 

Отрывок из произведения «Цмок над Вільняй, цмок пад Вільняй»

Гэта, пэўна, адбудзецца зыркім травеньскім раннем. З далоні Тумаша Крыўца выпадзе пустая шклянка, гучна пракоціцца па маснічынах — і ён прачнецца ў крывавым поце. На вуснах ягоных зайграе ўсмешка, ён павярне голаў і ўбачыць на падлозе два трактаты Транквіліёна-Стаўравецкага: «Люстра Багаслоўя» ды «Люстра Чарадзейніцтва». І прыгадае сон.

Цемра наперадзе, цемра наўкола. Праваруч анёльская бытнасць. Серафімы смяюцца і кпяць з мяне, спрабуюць дастаць вогненымі мечамі. Ад анёлаў Сілы аніякае божае даброці; святло, што яны выпраменьваюць, адно прапальвае скуру да мяса. Леваруч гідкія смуродлівыя д’яблы, цягнуць іклы, кіпцюры ды рогі, каб выдраць маю душу прэч. Правальваюся ўніз у мора вагню, дзе ваўтузяцца бязрукія і бязногія целы. Бачу Антыхрыста, але вось ён паварочвае абвалены голаў і я разумею, што гэта самы Смерць. Увадначас ён ёсць і дробным плюгавым старэчам. Падаючы, гляджу ўгору і ў нябесным крузе заўважаю цмока, што параскінуў крылы над сусветам. З думкаю «А вось ты дзе, даражэнькі!» падаю ў агністыя плыні.

Тумаш Крывец прачнецца ўва сне.

Вільня ёсць ці не сама хітрамудраю задумаю цмока. Больш удала пажартаваць яму папросту не да змогі. Цэлы горад на ягонай спіне — ад велічнага чэрапа ўсцяж горнага валу хрыбта аж да самога зрагавелага хвоста. І стагоддзі віленчукоў, якія разважаюць пра свабодную волю, а самі-ткі выгінаюцца пад кожным цмачыным рухам — тыя стагоддзі для яго не большыя за хвілі. Цмок пазяхае і сніць горад на сваёй спіне.

Цераз прастору і час Тумаш Крывец пойдзе віленскімі вулкамі з Пагулянскае майстроўні. З кнігай у руках. У сваім снусвеце ён гаспадар. Шыльды на будынках па ягонай хадзе пачнуць неўзаметкі мяняцца: Pylimo gatvė зробіцца Завальнаю вуліцай, Pamėnkalnio — Партовай, а Islandijos gatvė пераўтварыцца ў Падвальны завулак. Жмудзінская гамана сціхне і саступіць месца тутэйшай гаворцы. Тралейбусы і дымлівыя легкавікі зменяцца вазамі, конкамі ды тарадайкамі, колы якіх грукацецьмуць па брукаванцы.

Цмокі Бэль’квініта — ці не адзіная мэта і прычына ўсяго ў кожным з бязмеру сусветаў. Яны ўвасабляюць Прастору і Час, тое, чаго не было і што ніколі не адбудзецца, хоць бы й можа адбыцца. Яны пераствараюць быццёвыя планы згодна за сваім густам. У нашай рэчаіснасці яны рэдкія госці. Зямныя нябёсы, ведама, не могуць вытрымаць шмат цмокаў. У нашым тут — толькі тры цмокі Бэль’квініта, прычым два з іх не ў нашым цяпер. Адзін гняздуе ў Бабілёнскай вежы. Другі спіць пад Камелотам. Ну а трэці нясе на сябе Вільню. Іхная рэчаіснасць — гэта наш сон.

Падгорная вуліца нарэшце выведзе Крыўца ў Пякелька — Адскі кут. Тут будзе даволі ціха і бязлюдна. Ён разгарне «Люстра Чарадзейніцтва» на шэсцьдзесят трэцяй старонцы і пачне ўслых зачытваць доўгую інкантацыю. Неўзабаве зямля перад ім разыдзецца, аказаўшы чорнае правалле, і для яго пачнецца апошняе сыходжанне.

— Падвышаю на тры. Выбіраю чырвань.

— Ён ужо ідзе. Хутка будзе тут.

— Ці паспеем давесці партыю?

— Ведама. Адказваю на пяць. Сінеча.

— Срэбралюбца?

— Не.

— Распуснік, крыважэр?

— Не.

— Хто ж ён гэткі?

— Тутэйшы. Патрыёт-рэваншыст.

— І не з такімі дамаўляліся.

У пекле Тумаш Крывец пабачыць задымленую камору з зашморганым сталом пасярэдзіне. Пры стале сядзецьме старычына Сатана, перад ім будзе стаяць медны голаў, а ў паветры між імі завіснуць дзіўнага выгляду рознакаляровыя карты. Голаў шляхетна пазнаёміць Крыўца з старычынам Сатаной.

— Я бачыў цябе. Ў агністай апраметнай.

— Гэта быў сон.

— Сон ува сне.

— Тады ты ведаеш, чым я ёсць. Па што прыйшоў?

— А калі б я прыхапіў іншую кнігу, то пабачыў бы пана Бога?

— Няма аніякага бога. Дык чаго ты хочаш?

— То гэта ты так абыйшоўся з беларусамі? Ніколі я не верыў байкам, бы Ўсявышні мог абраць для нас гэткую долю.

— Трыкроць паўтараю: навошта ты прыйшоў, чалавеча?

— Хачу павярнуць нашую Вільню і нашую гісторыю. Адабраць у цмока.

— Гатовы заплаціць цану?

— Табе патрэбная мая душа? Вазьмі наўзамен любую ў віленскіх жмудзінаў, дый самы Vilnius забірай.

— Яны даўно закладзеныя. За Vilnius. І належаць даўнейшым Багам Багны.

— То ж бяры тады маю. Не шкада. На маё месца прыйдуць іншыя.

— Хай будзе так.

І да сёння невядомая Гаспадыня, што трымае ў левай руцэ нябачны ланцуг, якім скутыя ўсе цмокі Бэль’квініта.

Душа выслізне з Крыўца глыбока пад Адскім кутом і з посвістам уцягнецца ў рот меднага голаву, а цела Тумаша пачне дрыжэць, трэсціся, мяняць абрысы і форму; твар ягоны станецца прытулкам безлічы выразаў, калейдаскопам вусоў, бародаў, рознага колеру вачэй. З крывых вуснаў вырвецца шматгалосы покліч «Мы Рада!», і цела знікне.

Старычына Сатана звернецца да тэрафіма:

— Нядрэнна прыдумана.

Голаў выплюне залатую пластыну, адхаркнецца ды адкажа голасам Крыўца:

— Анягож. Але мяне тое больш не датычыць. Партыйку?

Гэта Вільня. Тут няма раней ці пазней, усе поры дня і году трываюць адначасна.

Тумаша-Раду пабачаць у Зарэччы. Там ён заменіць Устаўною граматаю БНР Зарачанскую канстытуцыю. Потым Тумаш-Рада, дзівіццамуць мінакі, пачне на розныя галасы размаўляць ці не сам з сабою на пляцыку пад анёлам.

— Нарэшце набліжаемся да перамогі, спадарства! — уздыхне Тумаш-Рада-Тарашкевіч.

— Трэба як мага хутчэй выправіць дэлегатаў у Менск, — прапануе Тумаш-Рада-Варонка.

— Мусім кааптаваць у Раду новых сяброў, — прамовіць Тумаш-Рада-Серада.

— Мы не абмежаваныя прасторава-часавым чыннікам, — дадасць Тумаш-Рада-Мамонька.

— Найперш патрэбныя лепшыя беларускія сыны, — заўважыць Тумаш-Рада-Смоліч.

— Рушма на Замкавую гару, панове, — падсумуе Тумаш-Рада-Лёсік. — Будзьма сачыць за дзеямі адтуль.

У блакітным травеньскім небе над Лукішкамі возьме разгон прывідная Пагоня, якую ўзначаліць Кастусь Каліноўскі на белым адзінарозе — апошнім адзінарозе Вялікае Літвы. Пад гукі горна Пагоня скрыецца за касцёлам святых Якуба і Піліпа; паляціць біць чужынцаў ды здраднікаў.

Гара Гедыміна задрыжыць і разыйдзецца, калі з ейных нетраў паўстане Вялікі князь, абуджаны горнамі Пагоні. Магутны волат з мечам і каронаю пойдзе берагам Вілейкі да Свінтарогавых пушчаў, каб абудзіць іншых.

І тады, відаць, Тумаш Крывец прачнецца.

А старычына Сатана па-ранейшаму будзе перабрасвацца з тэрафімам дзіўнымі рознакаляровымі картамі. Часу ў яго багата.

Цмок у паветры адно пераваліцца на іншы бок і працягне сніць Вільню. Цмока Бэль’квініта не абхітрыць.

 

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (11 оценок, среднее: 1,64 из 5)

Загрузка...